Пагавары са мной на мове,
На нашай роднай, не чужой.
Адчуеш ты – у кожным слове
Душа яднаецца з душой.
І. Пракаповіч
Сёння, 22 лютага 2022 года, была праведзена гульня, прысвечаная Тыдню беларускай мовы і літаратуры, у якой прынялі ўдзел вучні VIII-ых класаў і VII “Б” класа. Гулялі 3 каманды па 6 чалавек. Ацэньвала іх адказы аўтарытэтнае журы.
Савіцкая Вольга, вучаніца VIII “В” класа, прачытала на памяць верш Ігара Пракаповіча “Пагавары са мной на мове”, у якім выказана бязмерная любоў да роднай мовы. І ўсе каманды з настроем пачалі гульню.
Вучні VIII “А” (каманда “РК…”), VIII “Б” (каманда “Круглыя кубікі”) і VII “Б” (каманда “Эверэст”) класаў прадэманстравалі кемлівасць, знаходлівасць, настойлівасць і добрыя веды па беларускай мове і літаратуры. Усе каманды падабралі беларускія адпаведнікі да прапанаваных рускіх слоў. Паказалі веданне наступных фразеалагізмаў: намыліць шыю; кітайская грамата; насіць на руках; і вухам не вядзе; выдаць з галавой; абое рабое; біць лынды; пуп зямлі. Каманда “РК…” хутка і правільна разгадала зашыфраваную прыказку: усяму пачатак – родная мова. Конкурс “Аматары беларускага фальклору” даў магчымасць удзельнікам гульні ўспомніць іншыя беларускія прыказкі: са свайго языка спусціш – на чужым не зловіш; слухай многа, а гавары мала; у добрую часіну сказаць, а ў ліхую прамаўчаць; адною рукою і вузла не завяжаш; дзе розумам не дайду, дык у кніжцы знайду; новых сяброў нажывай, але старых не забывай; ладзь калёсы зімой, а сані летам; лепей мець вераб’я ў руцэ, чым арла на суку; не раскусіўшы арэх, зерня не з’ясі; госць на парог –гаспадыня за пірог. Зацікавіў і конкурс “Музей народнага побыту”. Хлопцы і дзяўчаты называлі прадметы народнага побыту (сурвэтка, куфар, прас, збан, серп, ручнік) і тлумачылі, для чаго яны ўжываюцца. Не менш цікавым быў і конкурс «Павуціна», калі ўдзельнікі гульні тлумачылі сэнс некаторых беларускіх слоў (зацірка, намітка, шыбаваць, грэбаваць і інш.). Гульцам давялося ўспомніць верш Максіма Багдановіча “Маёвая песня”, Якуба Коласа “Ручэй”, урывак з паэмы “Курган” Янкі Купалы. Апошні конкурс гульні быў музычны. Неабходна было прадоўжыць словы песні Алеся Ставера «Жураўлі на Палессе ляцяць» і Рыгор Барадуліна «Трэба дома бываць часцей».
Інтэлектуальная гульня “Скарбы мовы” камандам спадабалася, хлопцы і дзяўчаты адчувалі пачуццё радасці і задавальнення, бо заданні, прапанаваныя ў час гульні, былі цікавымі.
Гульня выявіла лепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры. Перамагла каманда “РК…”, II месца заняла каманда “Эверэст”, III месца – “Круглыя кубікі”. Усе каманды былі ўзнагароджаны памятнымі дыпломамі.